РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Роднае слова
Пад навалай крыўдаў многія сталецьці
Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця.
Мы нясьлі – ўсё ныла, гінула памалу,
Аж ня нашай наша Бацькаўшчына стала.
 
Не для нас сасонкі нашы зашумелі,
Не для нас пасевы нашы зарунелі;
Адно ты нам, слова, засталося верным,
Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.
 
*

Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня
Не заклеймавалі помстай, зьніштажэньнем, –
Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.
 
Сеючы ж і дома, і за домам косьці, –
Дзе нас гналі нашы леташнія госьці, –
Як у пушчы цёмнай, зьбіліся з дарогі
I здарма чакалі ад людзей падмогі...
 
*

Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее,
Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею,
Ды таго ня вырвуць, што напела маці
Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.
 
Ой, ня вырваць з сэрца цябе, наша слова,
Ой, ня ўзяць ніякім сховам ды аковам,
Як бяруць матулю у малой дзяціны,
Як бяруць у бацькі апошняга сына!
 
*

Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,
Як бы корань з дрэвам, як бы зь небам сонца;
Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
У благой і добрай мачысе-прыгодзе.
 
I мы самі нават мо’ не спазнавалі,
Як у думках нашых цябе гадавалі,
Як цябе хавалі ў шчасьці і няшчасьці
Ад напраснай злосьці, ад людской напасьці.
 
*

Ты ў жыцьці вяло нас з хвалай і няхвалай;
Быў час – свае правы чужым дыктавала;
І цяпер хто зводна над табой сьмяецца, –
Гэта або вецер, што ў платах трасецца,
 
Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі
Чалавечых думак, чалавечай долі, –
Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна
Замест сэрца – камень, мест душы – дым чорны.
 
*

Як жыло ты з намі – будзеш вечна жыці,
Грамадой мільёнаў зь сьветам гаманіці...
З попелу мінуўшых дзён сьляпых, крывавых
Весела узойдзе рунь сьвятлянай славы,
 
I радзімым словам рукой мазалістай
Беларус упіша на старонцы чыстай
Кнігі ўсіх народаў важна, ў непрымусе
Сумную аповесьць роднай Беларусі.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.