РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прафэсару п. Б. Эпімах-Шыпілу
З прычыны пажару ў яго маёнтку
Не смуціся, панок, што няшчасьце прыйшло:
      Як прыйшло, так і пойдзе ад Вас...
Што ж рабіць, калі гэтак пляцецца жыцьцё,
      Несучы нам цярпеньне падчас.
 
Хатку спаліць агонь, хмарка град прынясе –
      Мы цярпім, пацярпім, зноў жывём;
Час, вялікі лекар, гоіць раны усе, –
      Што жыло – заўтра робіцца сном.
 
Нешчасьней ёсьць ад нас людзі ў гэтым жыцьці:
      Ў іх ні поля, ні хатак няма,
Точуць вечна зь бядой барацьбу ў беспуцьці;
      Так марнее душа не адна.
 
Ў Вас ня тое: бяда ў знак ня дасца ўжо Вам:
      Вы – з навукай, – зь ёй к шчасьцю лягчэй...
Прытым – больш мае Бог, як раздаў нам, людзям;
      Не забудзе Вас ласкай сваей.
 
Сьветлым зробіць, як сонца, ўсё Ваша жыцьцё,
      Асалодзіць пацехай ня раз.
Толькі кінь, панок, жаль, што няшчасьце прыйшло...
      Як прыйшло, так і сыдзе ад Вас.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.