 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Электрацягнік – міжнародны экспрэс Імчыцца ў чужыя краіны... Я еду на скліканы мрояй кангрэс, Вязу сакваяж і ўспаміны. Найлепшы ўспамін у дарозе плыве: Юнацтва. Гады маладыя. Пляскатая кепачка на галаве, Халявы на ботах рудыя. Штаны-галіфэ, скураны паясок На выцертай зрэбнай кашулі. У торбачцы кніжкі і хлеба кусок... Вось гэтак – мы шчасьце адчулі. Я выбраўся ў горад. Тады мне было Гадоў васемнаццаць, ня болей. Пакінуў я родных і наша сяло, Каб потым змагацца з нядоляй. Вучыцца, вучыцца ў пашане людзкой – Такая мая пастанова. Хай кніга заўсёды ляжыць пад рукой І чуецца добрае слова. Ах, цёплая згадка! Я ў тым цягніку. Засоп паравозік імклівы. А я ў старых ботах і ў шарачку Сяджу ўсхваляваны, маўклівы. Сяджу я ў вагоне, у самым кутку. На ўскраі кабета старая. А побач другая – здаецца ўцяжку, Старэнькая ёй патурае. Насупраць мужчыны паселі шчыльней, За курывам ладзяць гаворку. Дзядок смокча люльку: мультан-самасей, А іншыя кураць махорку. Адна маладая сядзіць ля вакна. Напэўна, мы з ёй адналеткі. Прыгожая. У маркізэце яна, На блюзцы – блакітныя кветкі. * Загуў паравоз. Тузануўся вагон. Наўцёкі – бярозы і хвоі. I сонца сядае за стромкі адхон, І поле ў бязьлюдным спакоі. Імчыцца цягнік праз вялікі абшар, Спыняецца там, дзе паўстанкі. А бабы ля вокнаў праносяць тавар, Галосяць-крычаць: – Абаранкі! Імчыцца цягнік. I ўжо ноч – наўздагон, Іі ўжо на білеце засечка. Трасецца і грукае грузны вагон, Гарыць у ліхтарыку сьвечка. * Пад нагамі чахкаюць чыгунныя колы. За вакном – цямрынь і зорны рух. У вагоне жорсткім на паліцах голых Сярод куфраў, клункаў, згорнутых дзяруг Сьпяць спакойна людзі. Ціхае храпеньне. Ад падлогі грук, ад шыбаў звон, Разам з ліхтаровым неспакойным ценем Гоняць сон. У мяне бяссоньніца. Я сяджу на лаве. З цёмнага кута праз каганцовы змрок Мае вочы бачаць будучыню ў славе, І здаецца мне, як быццам назнарок, У махорачным навіслым дыме Узьнімаецца нязьведаны настрой: Шчасьце браць рукамі маладымі, Той парой. Не бярозка ўвосень – дзявочыя косы. I даўгія! Гонар маладзіц! Сумная суседка, гэтак мне здалося, Праз вакно трымцелае ў немарэч глядзіць. Пакваля адкінула русую галоўку. Перастрэлка воч – яе, маіх. Молат майго сэрца ў горне быццам змоўкнуў. Што? Прыціх? А пад нагамі чахкаюць чыгунныя колы: – Яшчэ чакай, яшчэ чакай, ча-кай, ча-кай. Не, не магу сядзець, як вучань школы, І да дзяўчыны я сьмялей... Няхай паблізу людзі – ім не да разгляду, Дарожнай зморай аглушыў іх сон. Ну, што з таго, калі бліжэй прысяду? У гутарцы – прыстойны тон. – Скажэце, калі ласка, скуль вы? – З Слуцку. А еду... у Мазыр. I загудзелі думкі пчольлім вульлем І паплылі ля сэрца ўздоўж і ўшыр. А не згадаць, пра што ішла гаворка. Гарэла сьвечка. Нарастаў нагар. У духаце прагорклая махорка, У цемнаце цьвіў сарамяжы твар. I гэтак шчыра – шэптам: – Мне сягоньня Ня ведаю чаму, ня ведаю сама Сардэчных словаў хочацца ў вагоне... Ці дарма? Пад нагамі грукат. У шыбах цемрадзь ночы. Плача сіпла сьвечка ў ліхтары. Заглянуў дзяўчыне я у вочы – Родныя палескія бары. Мне шаптала горача ласкавыя словы, Хваляй косы падалі на маё плячо. Я пачуў зьнянацку: вусны – весналовы. Мілая! Харошая! Дзяўчо! * Галасьней лапочуць, прамаўляюць колы: – Можа тут твой лёс, твая чарга... Я ўбачыў, пазіраючы наўкола – На сьцяне ліхтарык вокам мне міргаў. I напоўніўся хатыль маіх пачуцьцяў Шчэ адным уражаньня куском. Думкі ўсьцяж над рэйкамі імкнуцца Цягніком. * Гэтак было. Гэтак было. Гэтак было. Аж паўсотні гадоў мінула. Было – адгуло. Імглой адплыло. Але памяць праймае прачула. Я схамянуўся. У люстры насьценным Бачу сябе. Гэта я ці ня я? Нават ня верыцца гэтакім зьменам: Стынь сівізны і пахмурнасьць мая. Пераключыў я электрасьвятло: Сіні прамень праплывае. Такога камфорту даўней ня было. Раскоша якая! Я ў мяккім купэ. Пазіраю ў вакно. Там шпалаў і рэяк бяжыць палатно. Даліны. Узгоркі. Тунэлі. Лясы. Я сёньня шчасьлівы, а ўпотай няшчасны. Сьпяваюць і ў радасьці плешчуць плюсы, А мінусы глохнуць ад грукату часу. Імчыцца экспрэс... Мяккім гулам цячэ Ў падлозе калёсная песьня. А згадка былога ня гасьне яшчэ – Трыножыць, трывожыць балесьне. Сьмяюцца, зіхцяць уначы ліхтары. Ці сэрца заныла ў трывозе? Ці вобраз аджыты, забыты, стары? Мой роздум разьдзьмуты ў дарозе. Хто тая дзяўчына? Ці твой ідэал? Ці трэба сказаць асьцярожна, што гэта – Твой першы юнацкі запал, Якога забыцца ня можна. Я ведаю: ёсьць захапленьне жыцьцём, А ёсьць крывадушнасьць ухмылкі. Сумленьне ня хоча дурэць з пачуцьцём, Грахі памнажаць на памылкі. На сьвеце ня ўсе крыкуны і хлусы, Ня ўсе – злыя душы, пігмэі. Ёсьць людзі высокай ідэі, Прыхільнікі праўды, любові, красы. На сэрцы цьвітуць архідэі. * Цяпер я гляджу задуменна ў вакно, Там шпалаў і рэяк бяжыць палатно. Мільгаюць будынкі, сады і слупы. А сьвет той далёкі! Як прывід – сьляпы. На чорнай чыгунцы ад даўняй пары Сьмяюцца, зіхцяць сьветлякі-ліхтары. Зноў прывід мінуўшчыны выбег... і – зьнік. Імчыцца цягнік, мой імклівы цягнік.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|