РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трыпціх Чырвонага касьцёла

Айцу Уладыславу Завальнюку

 


Чырвоны касьцёл
З Чырвоным касьцёлам на «ты»         
Вятры,
Што лятуць з Бэтлеему.
І рупіць прачыстаму небу
Дзяліць зь ім сьвятло мілаты.
 
Гасподзь яго верніцы ў сон
Паслаў
Як абраз летуценны.
Імёны Сымона й Алены
Вяльмуе прарочысты кон.
 
Бажэе ў вякох небадол.
І душы жагнае трывога.
У цемначы тлуму людскога
Сьвітае Чырвоны касьцёл...

 

#ІІ
Не згінаючыся...
Нарог нашай памяці
Мусіць араць
Аблогу зьніклівасьці
Ў высілках лютых.
Каб прывіднай радасьці
Усьлед пазіраць,
Прыходзім у стомлены сьвет
У пакутах.
 
Ля зорак спагадлівых
Грэецца лёс,
Для душ нашых зьвіць
Намагаецца путы.
Крыжовы шлях,
Што пракладваў Хрыстос,
Нанова для кожнага
Значаць пакуты.
 
І кожны зможа
Сябе знайсьці,
Мець сподзеў,
Што Госпадам будзе пачуты,
Калі ён здолее
Ў гэтым жыцьці
Прайсьці, не згінаючыся,
Праз пакуты...

 

#ІІІ
Нябёсы веры
Нябёсы веры
Трымаюць сьвет.
Зьнявер’е горбіцца валунамі.
Зямныя дні,
Як вясновы цьвет,
Спадаюць,
Каб паўтарыцца снамі.
 
Нябёсы веры
У вышыню
Кіруюць годна
Думкі й пагляды.
І зорным зернем
Поўніць сяўню
Сьвітаньню рупліваму рады.
 
Вачэе мудрасьць.
І сьлепне зло.
У хаце споведнай –
Насьцеж дзьверы.
І апранаюць душу ў сьвятло –
Каб не азябла –
Нябёсы веры...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.