Даўно калісьці, вясновым ранкам, З далінаў Нёмна Крыжацкі комтур да прускіх замкаў Гнаў шмат палонных. Былі між імі хлапец зь дзяўчынай (Іх скутых гналі), Іван ды Мар’я ў сваёй краіне Іх людзі звалі. Калі пад вечар абоз праходзіў Мяжу-граніцу, Калі зьнікалі ў імгле, на ўсходзе, Бары, крыніцы... – Далей ня ў сілах ісьці, каханы, – Сказала Мар’я, – Ісьці ад родных дубоў, палянаў, Лугоў, імшараў. Іван сказаў ёй: – Даўно пара нам Спытаці шчасьця, Чым жыць і гінуць век у кайданах, Лепш вольным пасьці... Калі ж дазнаўся аб гэтым вораг, – Хутчэй шляхамі Усьлед пагнаўся празь нівы, горы За ўцекачамі. Тры дні няспынна пагонь ляцела, І каля Нёмна Хлапца зь дзяўчынай дагналі стрэлы У полі роўным. Дагналі стрэлы, ды не дагнала Іх сьмерць-няволя, – Дзе кроў іх пала, закрасавала Там кветка ў полі. І сёньня ўсюды, каля стажар’я, Па белым сьвеце Легэнду-кветку – іван-ды-мар’я Калыша вецер.
1945
|
|