 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Опэра – Гэта рыбны кірмаш, Дзе рыба сьпявае срэбрам свайго цела. Вось дырыжор замахваецца нажом, І быццам зь невадаў са сьпевакоў Высыпаецца глыбакаводная рыба. І калі яна б’ецца аб дрэва стала, І ў гістэрычным пошуку мора Зьлізвае пот з рук свайго гандляра, І глытае кроў, што струменіцца на падлогу У спадзяваньні яе вярнуць у нутро – Срэбра лускі выплаўляецца ў кулю І куля меціць у рыбіну скронь – Сьпявай! Яна ж ня ведала там пад вадою, Што бярэ з кручка не нажыўку, А ноту, Што вуда, змайстраваная Страдывары, Як зьмяя ёй укусіць сэрца Тры разы – Асана! Асана! Асана! Тры званкі – Для айца, духа і сына. Хто ты – дырыжор ці сьвятар? Палачка гэта ці крыж? Ш-ш-ш! Опэра! У вушах тваёй кармэн замест завушніц – бубны, Сэрца яе як валторна харчуецца вуснамі, У венах ня кроў – а сьліна пацалункаў. А кроў яна носіць звонку сукенкаю, О Кармэн! Мы выносім з тэатру Кантрабанду, што ты схавала ў нашых вушах. О Хасэ! Стройны быццам лязо нажа, Ты паставіш апошнюю ноту На нотным стане цыганскіх рэбраў. Опэра! Дэгустацыя галасоў на галодны страўнік! Вінаграднік Тваіх гардэробаў! Мне б бегчы праз яго басанож Насустрач невядома чаму З асой, што заляцела мне ў вуха - Як не расчухаць? Віялета! З твайго роту вырасла дрэва. А дзе ж яго птушка, Каб сьпявала на верхавіне? Што ж ты ёй абадрала пер’е, І запхнула сабе ў грудзі Зьлева? Опэра – ты параненая цемра На целе залы – рана сцэны. Твае гукі бягуць зь іртоў, Як пацукі з тонучых караблёў. Але чырвоная заслона, Як чырвонае мора перад Маісеем, Ізноў расступаецца. І мы рухаемся па дарозе, Па нашых ракавінах вушных, Да самай доўгай апошняй ноты – Да цішыні.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|