У чым шчасьце, мне, брат, раскажы – Запыталася я ў багацея... Яго вочы сьлязой запацелі – Узьлятаю да самых вяршынь, Збудаваў сабе домік у цэнтры І ля тыну дубок пасадзіў, Сына добрага нарадзіў, Маю ўсё, чаго б толькі хацеў, Маю ўсё, што калісьці жадаў, Але шчасьця ня ўбачыў нідзе – Так мне сумна сказаў багацей – Лепей ты запытай жабрака. Сказаў так ён, змахнуўшы сьлязу На разьлітую ў небе заранку, Што цішой залаціла альтанку, Ды на золата не зірнуў. У чым шчасьце, мне, брат, раскажы – Я спытала тады жабрака. У адказ я пачула так – Быў калісьці на самй вяршыне, Цяпер сплю, дзе спаткаецца сон, Ем я тое, што трапіць на зуб, Заблытаў павуціньнем чуб, Да крыві ўсе ногі сьцёр, Растаптаўшы халодны камень Тых дарогаў, дзе я хадзіў, Тых дарогаў, дзе поўз бязь сілаў, Даганяючы ўласны цень... Так мне сумна жабрак сказаў – Але шчасьця ня ўбачыў нідзе, Адно гора за мной брыдзе, Сваё шчасьце даўно прагуляў... Сказаў так ён, змахнуўшы сьлязу На сапфіравы цёплы золак, Пасярэбіла поўня скроні, Ды на срэбра жабрак не зірнуў. І пайшоў пабірацца далей Па ўзьбярэжжы імклівай ракі, Дзе іскрыліся медзякі – Ў хвалях сонца бурштынам гарэла... У чым шчасьце, браток, раскажы – Пацікавілася я ў міліцыянта. Эх, сястра, не пра гэта пытаеш – Ён цыгарку ў адказ запаліў – Тваё шчасьце, што я не злавіў Цябе ў гэту сьцюдзёную ноч, Не мазоль лепей ты мае вочы, Покуль я на мароз не забіў, Бо ў нас з табой розныя мэты: Сёньня я з табой зубы паскалю – Бранзалеты накіну заўтра – На пагоны мне зорку за гэта. І мне шчасьце – табе ж бяда, Сама ведаеш – служба службай. Каляная цяпер стала сьцюжа. Выбачай, калі што ня так... Адказаў мне міліцыянт І ў сьнег недакурак шпурнуў, Ды хлапец на яго не зірнуў. У сумёце ж гарэў брыльянт. А ў чорным нябёсаў ядвабу Палымнеў зіхатлівы рубін, Ды паркалевы малахіт Прыхаваўся пад футрам пухнатым... Шмат па сьвеце хадзіў жабрак, І ў дастачы пражыў багацей, Й выкрываліся чорныя дзеі Ладнай службаю міліцыянта. Я шукала адказ на пытаньне Ў лёсах многіх і розных людзей, Толькі ім не знайсьці больш нідзе Шчасьця ціхага прадсьвітанка, Шчасьця тых веснавых навальніц Ў найкаштоўнейшых перлавых гронках, У паветры, пранізьліва-тонкім... Шчасьця гэтым жыцьцём пражыць. Я на іхнія скаргі скажу – Шчасьце, брат, у руках трымаеш – Твой куточак забытага Раю, І імя яго – Беларусь.
4.II.2006.
|
|