РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Незабытныя надзеі
Ціха калосьсі, схіліўшы галовы,
        Шэпчуць у межах палёў,
Толькі ж ня слухае неба іх мовы –
        Скаргі ржаных каласоў.
 
Сіняе неба ўсё сонцам заліта.
        Полудзень. Вар. Цішыня.
Дожджыку просіць зялёнае жыта,
        Прагне вады ярына.
 
*

 
Ша! Хмарка, хмарка дарагая
Паўзе па небе з-за лясоў!
Яна – надзея, радасьць гаю,
Жаданьне красак, каласоў.
 
Бо сонда ж так пячэ бяз жалю,
Бо душна, горача ў палёх,
Смуга сухая крые далі,
Мальбы ж расьлін ня чуе Бог.
 
Нямее ўсё, маўчыць, чакае,
Надзеі тоіць ўсё вакол,
I прагна вільгаць палыкае
Акамянелы, пылкі дол.
 
Глядзіць і лес і луг з мальбою.
Гадае, думае зямля,
Што хмарка дожджыкам-сьлязою
Спадзе – ажывіцца ральля,
 
I ў неба дойдзе плач з туманам,
Што сівым дымам нема зьвіс
Над цёмным лесам і курганам,
I ліне дожджыкам наніз.
 
Плыве хмурынка ў сінім полі,
Мінае лес, мінае гай –
Яна ня чуе крыку болю,
Бо вабіць хмарку іншы край.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.