РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Някляеў
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Аднавяскоўцы мае.
Аднавякоўцы мае.
 
Сёлета ніва ўрадзіла.
З чаркаю бацька ўстае.
Вечар... Сузор'і... Радзіма...
Аднавяскоўцы мае.
 
Бохан чарнее прыгаркам.
Голад чарнее нічым.
Вып'ем паднятую чарку,
Пусьцім па кругу цыгарку
I памаўчым.
 
Цесна ў бацькоўскае хаце.
Ды ў цеснаце – не ў бядзе.
– Суньцеся, дзядзька Ігнаце!
Цётка Данута ідзе.
 
Лава дугою прагнута.
Чар-
          кі
                ляцяць са стала.
– Мо засьпяваеш, Данута?..
I павяла, павяла...
 
«Ой аддалі маладую
  На чужую старану...
      Ой, бяду я адбядую,
          Ой, зіму я адзімую,
              Ой, жыцьцё я аджыву...»
 
– Сумна сьпяваеце, бабы.
Дзе там гармонік? А ну!..
Бабы ўспрацівяцца слаба:
– Зноў мужыкі пра вайну...
 
Сыплецца позьняя квецень.
Позна гармонік пяе.
Песьні...
                  Жыцьцё...
                                          Ліхалецьце...
Аднавякоўцы мае.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.