А ў час гэты зоркавы Дарогай спатканьняў бязьлітасна позьніх Прайшла, затуманіла зрок мой Паўднёвая Поўнач. З раньніх вершаў
У асьцярогу хутацца. Лаяцца сыта. О, забароненай хуткасьці Смак пазабыты! Навошта, нібыта ў сподачку Рыбка пад марынадам, Ты прыплываеш з Поўначы? Страўнік мой радаваць? Курортны гастрытык Пад гэту закуску кіліх налівае Не поўны. Вясёлы і спрытны – Я сьпёкся... Разыдземся, Поўнач! Усе твае белыя гамы Я граю на памяць! Што ж горача, як пад нагамі Тарфянікі паляць... Гуляю на Поўдні, – А ў небе, як краб у палонцы, Высушвае промні Тваё зьледзянелае сонца, I поўня на воблака ўскрайку Сьвятлее над ночы мазутам Так, быццам у ноч гэту ўкраўся Твой, Поўнач, лазутчык. Між намі прастора, Якой на краіну хапае. А цёплае Чорнае мора Раптоўна сьцюдзёнай запеніцца хваляй. А сыдуцца хмары – I градзіны скачуць на пляжах. Якую ахвяру Яшчэ патрабуеш, ня скажаш? Прынцэса ў карунках, Зьлічы мае страты і згубы, Твае пацалункі Навек апалілі мне губы. Кахала сурова, А сэрца забрала палову. Ці так ганарова, Што я твой палонны? Разыдземся, Поўнач! Туга невыносная поўніць. Што трэба мне помніць – Я помню: ...На спідомэтры стрэлка гакала, Калі з поўнай калодай тузоў Я ляцеў у расхрыстаным "газіку" Не кранаючы тармазоў...
|
|