Промень сонца нутро паласнуў, I цяпло па крыві разьлілося. Я кахаю цябе, як вясну. Ці ня зь неба вачэй тваіх просінь? Жытні колер тваіх валасоў Ў летні поўдзень снапочкам іскрыцца. Ты бярозкаю выйшла зь лясоў Мне насустрач, і я захапіўся! Гэтак часта чаруюць бяз слоў Пачуцьця паляцеўшага хвалі. На зямлі адышоўшых дзядоў Мне вятры пра цябе запяялі. Дзеўчынё, лёсу шчодрага дар. Рэчаіснасьць з бабулінай казкі, Я сустрэў цябе, як гаспадар, З чыстым сэрцам у хаце сялянскай. Прада мною прасторы дарог, Што пралеглі па нашай Краіне, Ўсё ж дзядоў маіх родны парог Ў юным сэрцы маім, як сьвятыня. Куды б лёс ні закінуў мяне, Ў якім краі я ні апынуўся б, Сьвяты кліч маё сэрца кране І – прыйду да маёй Беларусі. Сёньня ціха стаю ля дзьвярэй, Толькі сілай юнацкай багаты, Усьміхніся ж, дзяўчына, шчырэй І з даверам заходзь ў маю хату. Пакуль хмара здалёк наляціць, Лёс сьцяжыну праложыць крутую, Будзь, як сонца, што грэе ў жыцьці, Будзь, як песьня, што душу чаруе. Твае словы, як звон каласоў, Ты, як поўдзень вясновы ў нядзельку, Як легэнда з адвечных часоў, Нашай, любай да болю, зямелькі. Дык пакуль ўсё квітнее кругом, Нашы вёсны, бы цьвет на каліне, Уваходзь у сялянскі мой дом, Як пілігрым уваходзіць ў сьвятыню.
|
|