РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На варце
Зашумелі травы на лугох,
дзяцеліна сьцелецца багацьцем,
бэз асыпаў лісьцем твой парог,
Расьціславе, адзінокі браце.
 
Ноч варожкай выпаўзе з альшын,
на ўзьбярэжжы туманамі ляжа;
ля зарослых ў полі каляін
цені выйдуць, як начныя стражы.
 
Скалыхнецца тапалёвы гай,
зашуршыць страхой амшэлай вецер,
і шугне з загуменьня пугач
да ачыма дзікімі засьвеціць.
 
Доўга ўмее валачыцца ноч...
Сон ачэй адкрытых не кранае...
Толькі ўздох прыцішаны чутно,
быццам нехта ля кутоў блукае.
 
I табе здаецца сярод цьмы,
што з глухіх, чужых сусьветных даляў,
з пушч сібірскіх зноў прыходзім мы
да тых сьцен, якія ўзгадавалі.
 
Пот зьлівае чуб твой палавы,
рачаістасьцей здаюцца мроі...
Хто жывы – а хто мо' й не жывы, –
ўсе прыйшлі к табе ў гняздо старое.
 
Ноччу з намі ты як брат і сын,
а калі загляне сонца ў вокны –
ты ізноў у зелені адзін,
дзяцеліна сьцелецца навокал...
 
Але днём душа тугой гарыць,
лятуць вочы ластаўкамі ў далі…
На гасьцінец саджаны глядзіш –
ўсё кагосьці сумна выглядаш...
 
Лёс раскідаў нас па ўсіх канцох,
ты ж адзін грудзьмі супроць нягодаў
сьцеражэш радзімы наш парог;
не растрос яго каб прагны вораг.
 
Вечна, родны, не бывае цьма –
заўтра сонца засьмяецца, ўзыдзе!
Сьцеражы ж парог аж да канца,
мы к табе шляхамі долі прыйдзем.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.