РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доля не кунежыла мяне
Доля не кунежыла мяне,
вельмі скупа адмярала радасьць,
шчасьце толькі песьнямі ды ў сьне
рассыпалася акордамі прынадна,
 
каб пагаснуць, як блудны агонь,
зорамі асыпацца над раньнем,
атуліць туманнаю смугой
і патухнуць недасяжным зданем.
 
Сэрца смагла радасьці людской,
боль ня раз шчыміў яго начамі.
Хто ж мой пенны юнасьці прыбой
з навакольля шэрага мог сьцяміць?
 
Радасьць мёдам не цякла з вашчын,
злою доляй не даецца дарам, –
трэба шэрасьць дня перамагчы,
выкрасаць яе з будзённых хмараў.
 
Можна шмат нямілага мінуць,
на нягоды сумныя забыцца, –
на дарогах сэрца не сагнуць,
не згубіць праменнага ў драбніцах.
 
Сёньня цесна радасьці ў грудзёх,
той няспутанай, растузанай, віхрыстай!
Хай бурліць вяснова ў ручаёх,
звонкім сьмехам сьвет замоўклы хрысьціць.
 
Доля не кунежыла мяне,
сьмелы лёт ня раз спыняла градам,
і таму ў жыцьцёвым тумане
мне так хочацца рассыпаць сэрцам радасьць.
 
Прага, 20.VI.1944.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.