РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
У горы я над тваімі ранамі...
Божа, болей цябе не карай,
старажытны, любы, каханы мой,
вечна скованы родны Край!
 
Мой курганны, жытні, зубрыны мой,
вытрывалы ў агні пакут,
Ефрасіньнін, сьвяты, Скарынавы
Беларускі адвечны кут.
 
Ломяць віхры збуялае, кволае,
абмінаюць цьвярдыя камлі.
Прашумелі яны над сёламі,
свой пакінуўшы сьлед на зямлі.
 
Воблік твой і адвечную мову,
літасьць ў сэрцы і лад стары
не крануў на'т віхор суровы
у балотах ды у бары.
 
Сьвітка наша, льняная кашуля
не здала свае мовы ў палон,
затуліла яе, прыгарнула,
захавала да сёньняшніх дзён.
 
Калі зноў агартае нас цемра,
мы ўцякаем душою ў сяло,
бо прывыклі мы чэрпаць аберуч
у народа жывога сьвятло.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.