РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кахаць
Глянь – месяц спыніўся на цёмнай мяжы,
прашчаецца доўга з зарой-зараніцай.
Паволі зацягваю пояс тужэй,
гарачай рукою бяру рукавіцы.
Сягоньня прыйдзецца спаткацца з пургой,
за вокнамі сьцюжа, ну што ж, мы гатовы.
За вахтаю недзе чакае канвой,
такі, быццам тундра, дзікі і суровы.
Магчыма, шкада вам, ня трэба, аднак, –
мне танныя словы душы не сагрэюць.
Мяне не прывабіць спакойны барак,
калі мая доля – пурга і завея.
Мяне не ацепліць ў пургу гэтых дзён
грашовае полымя ціхае сьвечкі.
Распальвае грудзі інакшы агонь,
натхнёнае ласкі – сьвяты і адвечны!
Стараешся ў лёце спыніці сястру,
разьлівам пачуцьцяў яе дакараеш.
Ты хмарамі сонца гатоў загарнуць
за тое, што, можа, замоцна кахаеш.
Змагацца – дык шчыра, на поўны уздым.
Памерці – дык горда, за волю і славу.
Калі пакахаць, то пачуцьцем такім,
каб шэрую землю расплавіць на лаву!
Ў палётах ня чуці граніцаў, нi пут,
натхнёнаю сілай парываў бурлівых
з халоднага неба прыклікаці цуд,
даць шчасьце далёкім, пакінутым нівам.
Кахаць – гэта кінуць сябе на алтар,
то – выкаваць веліч ідэяў у чыны,
то – попел надзеяў раз’іскрыць ў пажар,
каб немагчымае стала магчымым!
Кахаць – гэта мора мільёнаў адчуць,
самой не заплакаць ад полымя болю.
Кахаць – гэта мэты свае дасягнуць,
ў жыцьці маім — гэта Айчыне даць волю!
Ля Горадні сівай ёсьць сонечны кут,
так сабе – жытні, шырокі, звычайны,
начамі пахучы, як бэзавы куст,
і сэрцу майму дарагі да адчаю.
Вясна там іначай на межах цьвіце,
там вецер у полі цясьней абнімае.
Учадзелі душы у гэтым куце
у траўневы вечар, і рады немае.
Там юнасьць свае пагубляла сьляды,
кранулася вуснаў дзіўное каханьне,
там, зоры пакінуўшы, месяц бляды
ня раз на рукох спачываў да сьвітаньня.
Радзіліся казкі з курганаў старых,
ўздымаліся крыльлі да ясных узьлётаў.
Там плакалі песьні ня раз да зары
над доляй Народа, цяжкой і гаротнай.
Там сонейка ў поўдзень і месяц ўначы,
і Нёмнавых хваляў чароўная сіла,
бабуся старэнькая, лён прадучы,
паэтку так моцна кахаць навучылі.
Ў пургу, ў непагоду, ў цяжар гэтых дзён,
калі лязо словаў мне душу калечыць,
распальвае грудзі вялікі агонь
натхнёнае ласкі – сьвяты і адвечны!
Сумую? Магчыма, усё ж не пытай.
Выходзім, хтось кажа – цясьней зашпіліцца.
Б’е вецер, сьмяюся – пакуль што бывай!
Ага, не забыцца хаця б рукавіцаў...
 
Iнта. 1950.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.