Не хачу быць тваёю жонкаю На падставе жадань людскіх. Хачу песьняй быць яснаю, звонкаю Твайго сэрца, аднак на міг. Не такою к табе прыкаванаю Ланцугом заржавелых праў. Хачу мілай быць, крыху жаданаю, Вось такою, як ты шукаў. Не для рук, а для сэрца створанай, Не для вуснаў, а лепш для дум, Каб у час, калі ў сьцюжы і ў горы мы, Разагнаць твой нявольны сум. Хачу душу адкрыць табе сьпеўную, Свае вершы злажыць, як дань, Каб ты сілу меў, сілу пэўную Для цярпеньняў і для змагань. А на заўтра пашто загадываць, А аб заўтры пашто сумаваць, Край пакліча, і будзем побач мы Непахісна ў агні стаяць. Не для шчасьця зусім я створана, Не для сьмелых чыіхсьць пяшчот, Бо душа мая непакорная, Знае толькі ідэйны ўзьлёт. А ты сон гэтай ноччу таёмнаю, Перапынак у цяжкім шляху, Летуценьні душы маёй стомленай, Без надзеяў і без граху. Але ўсё ж, пакуль сум над старонкаю, Ланцугі на руках тваіх, Хачу песьняй быць яснай і звонкаю Твайго сэрца – аднак на міг.
|
|