РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вальжына Морт
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Беларуская мова
За тваімі межамі, мая краіна,
Пачынаецца вялізны дзіцячы дом.
І ты вядзеш нас туды, Беларусь.
Можа нарадзіліся мы бяз ног,
Можа не тым багам молімся,
Можа табе ад нас гора,
Можа мы невылечна хворыя.
Можа няма чым табе нас карміць,
Так хіба ж ня ўмеем мы жабраваць,
Можа ты й ніколі не хацела нас,
Але ж і мы напачатку
Няўмелі цябе любіць.
 
Твая мова такая маленькая,
Што яшчэ й размаўляць ня ўмее.
А ты, Беларусь, у гістэрыцы,
Табе ўсё здаецца,
Што акушэркі пераблыталі скруткі.
Што ж табе зараз карміць чужое дзіцяці?
Сваім малаком паіць мову чужую?
Мову, што ляжыць сіняя на падваконьні,
Ці мова гэта, ці шэрань мінулагодняя,
Ці шэрань гэта, ці толькі цень ад іконы,
Ці цень гэта, ці проста нічога.
 
Гэта не мова,
Бо ў ёй няма аніякай сістэмы.
Яна як сьмерць раптоўная і неразборлівая,
Як сьмерць ад якой немагчыма памерці,
Як сьмерць ад якой мерцьвякі ажываюць.
 
Мова, дзеля якой дзяцей кладуць на патэльню.
Мова, дзеля якой брат забівае брата.
Мова ад якой нікому не ўратавацца.
Мова, што нараджае ўродаў-мужчын,
Нараджае жанчын-жабрачак,
Нараджае безгаловых жывёлаў,
Нараджае жаб з чалавечымі галасамі.
 
Гэтая мова не існуе,
Яна нават не мае сістэмы,
Зь ёй размаўляць не магчыма –
Яна адразу б’е ў морду.
Нават на сьвяты
Гэтую мову па горадзе не разьвесіш.
Яе ўжо не ўпрыгожаць ні фэервэркі,
І ні неон.
 
Я клала на тую сістэму
Свой
Акардэон!
 
А мой акардэон –
Ён як расьцягне мяхі –
Як горныя вярхі –
Такі, мой акардэон.
Ён ежу бярэ з рукі,
Ён ліжа, і як дзіця
Не злазіць з маіх кален,
Але калі трэба ён
Пакажа свой траляля!
 
2005
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.