РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Можна сэрца жывое пакласьць на агонь
Ці мячом разрубаць на палову,
I таптаць, і тыраніць ў няволі яго,
І ня вырваць патрэбнага слова!
Можна піць зь яго кроў, хто ня знае пра жаль,
Ды паганіць яго без прычыны.
Ўсё ж яго не зламаць, як шляхотную сталь,
Калі гэта ёсьць сэрца жанчыны.
Йду адна. Прада мной расьсьцілаецца ноч,
Вецер думы кіпучыя студзіць.
Зьдзек чужацкі, як добра адточаны нож,
Вастрыём упіваецца ў грудзі.
То пячэ, як агонь, то марозіць, як лёд,
Непакоіць, і мучыць, і раніць.
Зьдзек варожы кругом, як наежаны дрот,
Што апутаў маё існаваньне.
Ўсё ж ня зломлены дух і ня склонены стан,
Не дастаць ім да гордага сэрца,
Прыйдзе сонца, абман ападзе, як туман,
Але праўда – яна застанецца!
Я ня гнуся ў палоне, ня знаю, што страх,
Не палохайце словам. Ні чынам.
Не ўздрыгне яно на'т ў найстрашнейшых
                                                                                              руках –
Нескаронае сэрца жанчыны!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.