РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Імя тваё ў дні пакутна-нявольныя
шэпчуць мне хвалі уральскай ракі.
Імя нагадвае сьцежкі міжпольныя,
жытнюю ніву, а ў ёй васількі.
 
Імя тваё, быццам неба над Шчараю,
вабіць і кліча мяне ў вышыню,
шэпча курганамі, казкамі, марамі,
песьняй вячэрнюю рве цішыню.
 
Чую яго – і журба расплываецца,
ўспомню – па жылах цяпло прабяжыць.
Вусны ад шчасьця к табе ўсьміхаюцца,
шэпчуць ціхутка, што хочацца жыць.
 
Імем такім мая бабка прыгонная
клікала ўкрадкай свайго дзецюка,
як васільковаю ночкай бяссоннаю
бегла ў садочак яго сустракаць.
 
Імя тваё ў дні сучаснасьці шэрае
грэе мяне сонцам родных высот,
служыць грудзям непахіснаю вераю,
кліча ў супольны адважны палёт.
 
Веру ў цябе, ў тваё сэрца вялікае.
Знаю – такія ня ўмеюць маніць.
Зь імі дайдзеш – куды доля паклікала,
тое здабудзеш, што хочаш здабыць.
 
Дык не сумуй, што завеі паўночныя
высушаць краскі чала і надзей,
што беласьнежныя грудзі жаночыя
мужных тваіх не адчуюць грудзей,
 
Можа, за гэта, за ўсё перажытае,
цёпла прыгорне, ня знаючы мук,
ўпоены воляю, намі здабытаю,
ўнучку тваю мой кахаючы ўнук.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.