 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Нават нашыя маці ня знаюць, як мы зьявіліся ў сьвет, Як мы самі, рассунуўшы іхнія ногі, вылезьлі вонкі - Так вылазяць пасьля бамбардзіроўкі з руінаў. Мы ня ведалі хто з нас хлопец, а хто дзяўчына, І жэрлі зямлю і думалі што жарэм хлеб. А нашая будучыня – Гімнастачка на тонкай нітачцы далягляду – Што там яна толькі Ні вырабляла, Бля. Мы расьлі ў краіне, дзе Спачатку крэйдай крэсьляць дзьверы, І ўночы прыяжджаюць дзьве-тры машыны І звозяць нас, але Ў тых машынах былі не мужчыны З аўтаматамі І не жанчына з касою, Але так да нас прыяжджала каханьне І забірала з сабою. Толькі ў грамадзкіх туалетах мы адчувалі свабоду, Дзе за дзьвесьце рублёў ніхто не пытаў што мы там робім. Мы былі супраць сьпёкі летам, супраць сьнегу зімой, А калі выявілася, што мы былі нашай мовай І нам вырвалі языкі - мы пачалі размаўляць вачыма. А калі ў нас выкалалі вочы - мы пачалі размаўляць рукамі, Калі нам адсяклі рукі - мы размаўлялі пальцамі на нагах, Калі нам прастрэлілі ногі - мы ківалі галавою на «так» І хісталі галавою на «не»... а калі нашыя галовы зьелі Жыўцом - Мы залезьлі назад у чэравы нашых сьпячых маці, Як у бамбасховішчы, Каб нарадзіцца зноў. А там на даляглядзе гімнастачка нашай будучыні Скакала праз агнявы абруч Сонца.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|