РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сёньня аб сьцежках нялёгкай долі
Гутару доўга з пажатым полем.
Вецер чупрыну руні хвалюе,
Нашай размовы ніхто ня чуе.
 
Толькі бяроза часам сагнецца,
Ў пажоўклым гольлі птах страпянецца.
Хмара прыполам сонца прыкрые,
Ў грудзёх мне сэрца мацьней заные.
 
Роднае поле – сьвятасьць і дзіва,
У набегі, у войны вечна радзіла,
Ад грознай утомы не спачывала,
З раненых нэтраў хлеб нам давала.
 
Гутарка з рэчкай, гутарка зь ветрам,
З плошчай бязьмернай, сонцам сагрэтай.
Пасодзіш бульбу, расьце ўсё дбайна,
Усё ў сваю пору, усё жыцьцядайна.
 
Высахне ў сьпёку, прымерзьне у сьцюжу
Дожджык упадзе, і ўсё будзе дужаць.
Сарвецца вецер, вербы наклоніць
I мне ад думаў астудзіць скроні.
 
I нешта сэрцу майму падкажа,
I зерне словаў ў барозны ляжа.
Хоць прыйдзе сьпёка, мароз лютуе –
Зярняты праўды зямля ўзгадуе!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.