РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ты зямля, майго бацькі зямля,
Якой гэта чароўнаю сілай
Ты ў палон маё сэрца ўзяла,
Якім зельлем мяне апаіла?
 
Мне здаецца, ўсё бачу здалёк
Гольлі дрэў, у аблокі ўзьнятых,
I такі невысокі грудок,
На якім красавалася хата.
 
I дарога бяжыць праз палі,
Абмінае над крушнямі дзічкі,
Б'е вада ля каменьняў зь зямлі
У лона ціхай, прачыстай крынічкі.
 
Недзе грыбам растуць гарады,
Ты ж мілей мне любое сталіцы,
То тваей жыцьцядайнай вады
Не магу я да скону напіцца...
 
Знаю мудрую праўду тваю,
Тваіх слухаю толькі законаў,
Быццам птушкі, я сэрцам пяю
Тваім плодным, квітнеючым гоням.
 
Я расту, як ячмень, як авёс,
Зерне ў коласе пэўна хаваю,
А ў сьнягі і ў суровы мароз
Я, здаецца, з табой спачываю.
 
Ўсё жывое я сэрцам люблю,
Кожны ведаю твор невялічкі,
Ласку сонейка ў душу лаўлю
I ад бур не хаваю аблічча!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.