РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Апошні дотык рук на твары чую,
Такіх ласкавых, моцна схвараваных,
Апошні раз мой муж мяне цалуе
Зь нявыказаным да канца каханьнем.
 
Ізноў мне вочы зацягнула ймглою,
Прыгнечвае жыцьця цяжкая ноша,
Разьвітваецца мілы мой са мною
Пяшчотаю сьвятою і апошняй.
 
Залегла грозна цішыня у хаце,
Ня вымавіць таго, што чуе сэрца,
Хвораму целу з ложа не устаці,
Няўмольна сьмерць суровая крадзецца.
 
Як воск ад сьвечкі, памаленьку тае
Малы агеньчык. Ўжо амаль ня сьвеціць,
Яна, як злодзей, моўчкі падступае,
Бо ўсё яшчэ сьмяротнае на сьвеце...
 
О колькі раз я на Тваіх далонях
Выплаквала свой горкі боль да раньня,
Як затрымаць жыцьцё Тваё мне сяньня,
Ўсё недаказана яшчэ, недакахана.
 
Не адлятай ад рук маіх зьнямоглых,
Не пакідай, каб сэрца не балела,
Здаецца мне, што дзён гэтак нямнога,
З Табой пражытых, хутка адляцела.
 
Прайшлі гады, а для мяне хвіліны,
Супольных мараў, сноў аб Беларусі,
Ў нас дзьве душы, а шлях іх быў адзіны,
Як жа цяпер сама я застануся?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.