РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сьціхлі ўсхліпы суровых завей,
Недзе з поля вясна падступае,
Вокны цёмныя ў хаце маей,
На парозе ніхто не вітае.
 
Ты так жыць яшчэ, мілы, хацеў,
Ўсё казаў: «Я так жыў з табой мала...»
Ледзь агеньчык жыцьця Твайго тлеў,
Але сэрца трывожна кахала.
 
Так кахаюць плач сына слабы
Да жыцьця, што народзіцца з болю,
Так кахаюць агонь барацьбы
За народную сьветлую долю.
 
Як калісьці з гадоў маладых
Мы ўздымалі над шэрасьцю крыльлі,
Мары, думы і боль на дваіх
Мы да старасьці разам дзялілі.
 
У задуме глыбокай стаю,
На пясок сьлёзы капаюць сьвежы,
Ты забраў, мілы, душу маю,
Што ж, Табе яна толькі належыць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.