РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Час невясёлы, лёс такі прэсны,
Чужы, нявольны. Хочацца песьні,
Той, незабытнай з палеткаў жытніх,
Сумнай й багатай, той, старажытнай.
 
Песьні пра долю, вёсны, каханьне,
З нашым, народным душы хваляваньнем.
Вольнай, віхрыстай, што супраць зьдзеку,
Тых, ганарыстых, нечалавекаў.
 
Песенькі простай, стройнай, і босай,
I бурнай, вольнай, як лязо косаў!
Матчынай песьні, слоў калыханьня,
Песьні сірочай аб расставаньні.
 
Той варкатлівай песьні галубкі
Аб незабыўным такім, аб любым,
Песьняў вясельных, песьняў кудзельных,
Жніўных і сумных на аднасельлі.
 
Пачуць ахвота такую песьню,
Якой у путах чужых зацесна,
Песьню Машэкі, песьню Вашчылы,
Каб кроў бурліла варам па жылах!
 
Песьню адвагі, песьню свабоды,
Каб не замерла душа народу.
Вольная песьня на родных гонях
Бунтам ўставала супраць прыгону.
 
Лілася сілай з сэрцаў бунтарных,
Касіла злыдняў, біла тыранаў!
Зямля сьпявала. Душа жывая,
Сьцьвярджала песьняй, што не сканае!
 
Выйдзеш, і песьні сугучна зорам
Нашыя думы нясуць у прасторы.
Сілай пачуцьця ноч прабіваюць,
Вартуюць сёлы, сёлы сьпяваюць!
 
Замрэш ад шчасьця, чуеш, як б'ецца
Зямлі бунтарнай вольнае сэрца.
Зямелька продкаў, зямля сьвятая
Непакаронаю сілай сьпявае.
 
Не, не загінем у долі балеснай,
Пакуль у сэрцы родная песьня.
Ранілі песьню, песьню падбілі,
Жалобны вэлян на белых крыльлях...
 
Звабілі сэрца песьняй інакшай,
Чужой, бы мёртвай, песьняй ня нашай.
Дзяўчаты, хлопцы сягоньня дружаць,
Бы не кахаюць, быццам ня тужаць.
 
Няма ў іх песьні з душы, што насьцеж
Рвалася ў неба з тугі па шчасьце.
I хваляць вусны тое, што сёньня,
Чужую песьню, а сэрца стогне.
 
Можа, як сонца ўзыдзе над Краем,
Душа народа зноў засьпявае
Песьню-галубку, песьню-шыпшыну
Голасам любым мілай дзяўчыны?
 
Сугучна шчасьцю, з сэрца да сэрца
Родная песьня зноў разальецца.
Вылецім ў людзі, ўзьляцім на месяц
З роднаю мовай, з нашаю песьняй!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.