РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Вецер схапіў ўжо асеньнюю пражу,
Ў полі снуе бадылі,
Ўсё нейк мінае, й пра нас заўтра скажуць:
– Яны тут ня ёсьць, а былі...
 
I госьць, што зьбіраўся марудна і доўга,
Нарэшце, адолеўшы страх,
Клямку кране, пастаіць ля парога
I пойдзе з тугою ў вачах.
 
Позна прыйшоў. Што ж, у час гэты грозны,
Калі вецер заносіць наш сьлед,
Сябры да сяброў ўжо прыходзяць запозна,
Забыўшы людскі запавет.
 
А трэба, належыць з сваімі быць радам,
Поплеч зь сябрамі ў жыцьці,
Бязбоязна ўстояць ў змаганьні за праўду,
Да змучаных ў пору прыйсьці.
 
Хто не адчуе сьвятога імкненьня
Быць разам ў нягодзе, як ўсе,
Сарве яго вецер, як прут без карэньняў,
I ў невараць гдзесьць панясе.
 
Адстаў ад сваіх, да чужых не прыстане,
Ў нядолі братом не памог,
Чужым будзе ўсім, хто ня знае хістаньня,
Вартуючы родны парог.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.