РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сонейка ў небе і вецер-гусьляр,
Подзьмух ля ніваў вясновы.
Ўсё гэта долі ласкавае дар,
Як маці пяшчотныя словы.
 
Продкі далі мне калісьці жыцьцё
Ў Жлобаўцах ціхіх і мілых,
Сэрцу з каханай зямлёю зьліцьцё
Душы маёй сьмелыя крыльлі.
 
Цьвілі мае вёсны – ў палёх васількі,
У лёс мой ўрываліся буры,
I сыпала сонца са шчодрай рукі
Цяпло маёй дзіўнай натуры.
 
Тысячагадовыя сказы зь сяла,
Зьмястоўныя, творчыя словы,
Не, неабыякавай доля была
Да будучых сьцежак жыцьцёвых...
 
Вось запяяць бы зямлі маёй гімн:
– Зь няволі да слоў п'едэстала!
Вартым, адвечным, да болю сваім,
Як нэктарам, душа набрыняла.
 
А доля народа, як цемрадзь сама,
Каб змог, праглынуў бы нас вораг,
I толькі каханьню граніцаў няма,
Калі яно меч, не пакора!
 
Словы, як стрэлы, і сэрца, як лук,
Стыхіяй змаганьня напяты,
Ня страшна пагрозаў, ні зьдзекаў, ні мук
За сьвятасьць пакрыўджаных хатаў.
 
Калі над пабоішчам кружыць арол
I вогненна сэрца кахае,
Дык сьмерць найдарожшых, пакрыўджаных боль
Ва ўзьлёт барацьбы прарастае.
 
О сэрца, мне ранаў Тваіх не зьлічыць,
За вернасьць палём і дубровам,
За тое, што слова маё не маўчыць
У долі прыбоях суровых.
 
За вернасьць шляхам, што Скарына праклаў,
Да ўзвышшаў старому народу,
За ўзровень належных зямлі маёй праў
Стаю непахісна і горда!
 
Адна супраць злыдняў бярозай стаю,
Пот, ня сьлёзы, мой твар залівае.
Я люблю Цябе, Край мой, як душу сваю.
Я знаю – за гэта ўміраюць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.