Аа-аа, мой сынок! Аа-аа, мілы! Не крычы, ня плач: дарэмна Ты патраціш сілы; А бязь сілы, мой сынок, Жыць на сьвеце трудна... Ой ты, вецер, не шумі, Не сьпявай так нудна! Спаць Міхаську не даеш... Сьпі, мой сын маленькі! Я цябе пакалышу – Ай, люлі-люленькі! Што цябе чакае, сын? Што твая за доля? Можа, й ты пот будзеш ліць У чужое поле?.. Будзеш летам ты хадзіць На плыты, на згоны, З Коўна матцы прынясеш Хоць гарсэт чырвоны... А то, можа, купіць пан Твае рукі, сілы? Паднявольным будзеш ты, Сын мой, да магілы! А мо ў школку пойдзеш ты, Будзеш чалавекам, – Без навукі цяжка жыць Гэтым трудным векам. Кінеш матку, па чужых Ты па людзях пойдзеш I на шчасьце нападзеш, Долю сваю знойдзеш. Матку ўспомніш ты сваю, Як цябе люляла, Як табе ўначы ня раз Песенькі сьпявала. I гасьцінца мне прышлеш, Не забудзеш маткі. Вось уцешуся тады, Аж запляшчу ў ладкі!.. Аа-аа, мой сынок! Люлі, люлі, мілы! Ой, ня плач ты, не крычы, Набірайся сілы!
|
|