РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
За чаркай
Ну, што сумен там ты, мой дзяцюк малады!
Давай чарку на стол, – вот і ўся тут бяда!
Кінь драмаць і ўздыхаць, уздыхні лепш тады,
Як ці жыць, ці ўміраць будзе ўжо не наўда!
 
Груканём, стуканём чарка ў чарку, як сьлед, –
Бач, і стане душа паланеці агнём;
Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет,
Весялей і сьмялей пойдзе ўсё хадуном.
 
Ты бядуеш адно, што жыць кепска табе;
Плюнь на тое, што кепска, што лепей – шукай!
Як вужака, калісь і я віўся ў жальбе;
Глянь сягоньня ўсё роўна – ці пекла, ці рай.
 
А было, ой, было, як малінка жыцьцё:
Быў шчасьліў, песьні пеў, на ўсё птушкай глядзеў...
Калі хочаш, скажу, раскажу табе ўсё...
Дай вось чарку, а то ўжо язык прымадзеў.
 
Як напэўна спазнаў, дагадаўся і ты,
Празь дзяўчынку пайшло, а нялёгка пайшло.
Маладыя былі, шмат было дурнаты;
Дваццаць першы мне йшоў, ёй семнаццаць было.
 
Па суседству жыла, звалі Еўкай яе,
Даспадобы была як і мне, так і ўсім.
Ці глядзіць на цябе, ці то песьню пяе, –
Не было ёй раўні ні у гэтым, ні ў чым.
 
Падабалася мне лепш, як сам я сабе;
Неспакой мучыў днём, ночкай сон уцякаў;
Ці ішоў за сахой, ці пацеў у касьбе, –
Павідаці яе, як збаўленьня, чакаў.
 
Не скажу, каб мяне адганяла яна:
Ёй па сэрцы я быў, як яна для мяне.
І часіна ўцякла удваіх не адна,
І цяпер гэты час маю ў сэрцы на дне.
 
На кірмашы хадзіў зь ёю разам ня раз,
І гасьцінцы купляў, і ў садочку гуляў;
Ненаглядку маю я галубіў падчас,
Абнімаў, цалаваў, думкі ёй асьмяляў.
 
А матуля мая (рай нябескі ўжо ёй)
Так любіла яе, як бы родну дачку:
Ўсё чакала, назаву я сваёй, –
Калі Еўку сваю павяду у царкву.
 
Дый адна злыбяда мой сушыла папар:
Прызыў мне, як пятля, ўжо на шыі вісеў...
Брату выйшлі гады, бацька жыў і ня стар,
Я сам дуж і здароў, – значыць, льготы ня меў.
 
Што рабіць у такім тут жыцьці, беспуцьці –
Выйсьці цэлым зь пятлі, не палезьці наўрад:
Ці жаніцца цяпер і ў салдаты ісьці,
Ці жаніцца тады, як вярнуся з салдат?..
 
Варажыў, разважаў сам адзін і зь людзьмі:
Еўка кажа, што ёй можна гэтак і так;
Маці кажа: цяпер ажаніся вазьмі;
Бацька раіць – пасьля, бо мо' здарыцца ўсяк.
 
Адлажыў напасьля, адлажыў наўсяды...
Хутка восень прыйшла, і на прызыў у Шклоў
Татка з хаты павёз. Там пайшло безь бяды:
Папрашчацца дзядзькі адпусьцілі дамоў.
 
Мо' і год не мінуў, як шынэль я надзеў, –
З дому вестку дастаў, што матуля ўмярла;
Сьлёзы хлынулі мне, прост, на сьвет не глядзеў;
Жаль яшчэ і цяпер – недакучнай была...
 
У паходзе былі, і прыехаць ня мог
Доўг апошні, хаўтурны, радзімай аддаць;
I пасьля, да канца маёй службы, ўжо Бог
Хоць магілкі яе не судзіў аглядаць.
 
Ну, аб Еўцы чаму – ты спытаеш – маўчу?
От, пісалі, што жыва, здарова, і ўсё...
Верыў гэтаму я і снаваў ўціхачу
Думкі, як гэта мы зь ёй устроім жыцьцё.
 
Хоць далёка стаяў, а любіў, ўспамінаў
I ахвоты ня меў да другіх да дзяўчат:
Ёй адной пісьмы слаў і спакою ня знаў, –
Ўсё чакаў таго дня, калі пусьцяць з салдат.
 
Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок
Маёй службы прыйшоў – адпусьцілі зусім.
Я вярнуўся, і што ж? Э, мой мілы браток! –
Была замужам Еўка за бацькам маім.
 
Што прыйшло ў галаву за старога пайсьці –
Над адгадкай такой думак я не ламаў:
Сіратою была, а у простым жыцьці,
Хто пасватаўся перш, той і верх атрымаў.
 
Сам згадаеш, што я перажыў у той час, –
Колькі ў роднай хаціне паспытываў мук.
Чаму лепш не ўзяла сьмерць каторага з нас?
Хлебам хлеб ня быў мне, ўсё валілася з рук.
 
А яна – ўжо пры мне – ўсё хмурней з кожным днём...
Дзе шчасьлівы той сьмех, дзе вясёлы паглёд?
Часам разам няўзнак – я, яна уздыхнём,
Ды я ў поле барзджэй, а яна – ў агарод.
 
Так праходзілі дні ў злыбядзе, а яна –
Наша мачыха ўжо – бачу, тае ў вачах;
Бацька хмур, не глядзіць і маўчыць, як сьцяна;
Ношку добрую нёс, знаць, і ён на плячах.
 
Год, ня болей, прайшло нам такога жыцьця...
Як казалі ў сяле – нехта кінуў урок...
На душы дзьве паменшыла наша сям'я:
Еўку Бог к сабе ўзяў, я сюды з хаты ўцёк.
 
Гэтак сьпятрала мне доля-байка навек;
Хатай стаў мне шынок, а сьвет цэлы – турмой.
Змарнаваў за нішто сам сябе чалавек.
Празь няўлад праўды ў нас, праз паглёд мілы той.
 
1911
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.