Песьня мая не ўзышла сярод кветак, Кветак цьвітучага вечна паўдня... Поўначы сумнай забыты палетак Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня. Пушча і ночка яе гадавалі, Няньчылі казкамі долі нямой; Дождж і расіца вясною купалі, Сьнежныя буры тулілі зімой. Песьня мая не ўсьпінае атласаў, Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, – Знацца ёй досьць зь беларускаю красай – Лесам шумеці, касою званіць. З думкамі ходзіць забранага краю, Служыць і верыць у лепшы усход... Бо, калі гасьне паходня старая, – Новую заўтра распаліць народ. Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы Ў княжацкіх хорамах слухаць музык, Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай К сонцу і зорам, прастор дзе вялік. Ёй не патрэбна ўсясільных прынука, Службы лакейскай ня знае яна: Воля жывая ёй вечнай зарукай, Волі нязьмеранай – служба адна. Песьня мая не шукае прывету, Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, – Вецер свабодны з далёкага сьвету Стрэне, праводзіць адпевам сваім. Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе, Слухае бору адвечнай жальбы, Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі, Ў зорках шукае жыцьця варажбы. Песьня мая не зачэпе сягоньня Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб, Зваленых хат і людзей у прыгоне, Ўсходным зярном неабсеяных скіб... Час, як крыніца, ідзе, не марудзе... Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць, Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі Будуць пачатую думку снаваць. Песьня мая не шукае чырвонцаў – Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, – Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы, Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям. Пеці, і з часам, у добрую пору, Выклікаць водклік у сонным сяле... Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора, Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
1911
|
|