#I Былі два браты, Два разбойнікі; Шмат рабілі зла Неспакойнікі. Як пойдуць гуляць, Расхахоляцца, Задрыжаць усе, Ўся аколіца. Ні прайсьці нідзе, Ні праехаці; Б’юць паклоны ім Людзі нехаця. Сіла – воля іх Не ўнімаецца, Гонар – слава іх Разрастаецца.
#II Так жывуць сабе Два разбойнікі Разгульным жыцьцём, Неспакойнікі. Дый ня вечна ўсё Ў нас пад зорамі: Закруціла штось Непакорамі. Хоць іх сэрца – сталь Недаступнае, Хоць душа – скала Непадкупная, Вочкі, грудзі – чар Напаткаліся; У ваднэй удвух Закахаліся.
#III Зажылі браты, Два разбойнікі, Ўжо другім жыцьцём, Неспакойнікі. Хараствы касы Іх занадзілі; Між сабой, як стой, Не паладзілі. Не дубы скрыпяць Сукам, лісьцямі, – Два байцы-сьмяльцы Ненавісьцямі. I пайшлі ім так Дні няшчасныя, Пачалі з сабой Бойку страшную.
#IV Б’юцца, б’юцца ўдвух Два разбойнікі За красу-касу, Неспакойнікі. Зоркі – сьведкі ім – Прыглядаюцца, Шумам цёмны бор Падзіўляецца. Дзень ужо мінуў, Вечарэецца, Барацьба ўсё іх Паланеецца. Чуць на ўсход другі Занімалася, Два браты з жыцьцём Разьвіталіся.
#V Доўгі спалі час Два разбойнікі У сваёй крыві, Неспакойнікі. Нават тая іх Двух забылася, За якую так Яны біліся. Пакуль неяк раз Аднаногія Шлі мясьцінай той Два убогія. Рыюць яму-глыб Непацешныя, Аддаюць зямлі Косьці грэшныя.
#VI Дзе сягоньня сьпяць Два разбойнікі, Там курган стаіць, Кругом хвойнікі. Той курган расьце Відавідаю, – Хто ідзе тудой, Ветку кідае. Хто ідзе падчас Каля поўначы, Страха ўбача там, – Моліць помачы. Так ляжаць браты, Два разбойнікі, І па сьмерці ўсё Неспакойнікі.
[1906–1910]
|
|