РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Два браты

#I
Былі два браты,
Два разбойнікі;
Шмат рабілі зла
Неспакойнікі.
 
Як пойдуць гуляць,
Расхахоляцца,
Задрыжаць усе,
Ўся аколіца.
 
Ні прайсьці нідзе,
Ні праехаці;
Б’юць паклоны ім
Людзі нехаця.
 
Сіла – воля іх
Не ўнімаецца,
Гонар – слава іх
Разрастаецца.

 

#II
Так жывуць сабе
Два разбойнікі
Разгульным жыцьцём,
Неспакойнікі.
 
Дый ня вечна ўсё
Ў нас пад зорамі:
Закруціла штось
Непакорамі.
 
Хоць іх сэрца – сталь
Недаступнае,
Хоць душа – скала
Непадкупная,
 
Вочкі, грудзі – чар
Напаткаліся;
У ваднэй удвух
Закахаліся.

 

#III
Зажылі браты,
Два разбойнікі,
Ўжо другім жыцьцём,
Неспакойнікі.
 
Хараствы касы
Іх занадзілі;
Між сабой, як стой,
Не паладзілі.
 
Не дубы скрыпяць
Сукам, лісьцямі, –
Два байцы-сьмяльцы
Ненавісьцямі.
 
I пайшлі ім так
Дні няшчасныя,
Пачалі з сабой
Бойку страшную.

 

#IV
Б’юцца, б’юцца ўдвух
Два разбойнікі
За красу-касу,
Неспакойнікі.
 
Зоркі – сьведкі ім –
Прыглядаюцца,
Шумам цёмны бор
Падзіўляецца.
 
Дзень ужо мінуў,
Вечарэецца,
Барацьба ўсё іх
Паланеецца.
 
Чуць на ўсход другі
Занімалася,
Два браты з жыцьцём
Разьвіталіся.

 

#V
Доўгі спалі час
Два разбойнікі
У сваёй крыві,
Неспакойнікі.
 
Нават тая іх
Двух забылася,
За якую так
Яны біліся.
 
Пакуль неяк раз
Аднаногія
Шлі мясьцінай той
Два убогія.
 
Рыюць яму-глыб
Непацешныя,
Аддаюць зямлі
Косьці грэшныя.

 

#VI
Дзе сягоньня сьпяць
Два разбойнікі,
Там курган стаіць,
Кругом хвойнікі.
 
Той курган расьце
Відавідаю, –
Хто ідзе тудой,
Ветку кідае.
 
Хто ідзе падчас
Каля поўначы,
Страха ўбача там, –
Моліць помачы.
 
Так ляжаць браты,
Два разбойнікі,
І па сьмерці ўсё
Неспакойнікі.

 
[1906–1910]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.