РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Цяжка мне, цяжка, слузе беспрытоннаму,
Жыцьця свайго смутнага дні каратаць,
Сэрцу, ад жалю і сьлёз неўгамоннаму,
Ой, цяжанька верыць і шчасьця чакаць!
 
Цяжка мне, цяжка за сошкай-крывуляю
Загон выйсьці ў поле араці чужы,
Пот абціраці парванай кашуляю
Дый плакаць, прыпаўшы грудзьмі да мяжы!
 
Цяжка мне, цяжка маркотнымі думамі
Бязьмернае гора адчуці сваё,
Слухаць бяды песьню зь віхраў пашумамі,
Што ніва, што сошка, што ўсё не маё!
 
Цяжка мне, цяжка гумно, пуню панскія
Дабром, зьлітым потам маім, напаўняць,
Знаць, што ўсіх кормяць труды мае хамскія,
А сам мушу з голаду век паміраць!
 
29.I.1907
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.