РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сон
Ня помню дня і той мінуты, –
Днём толькі, помню, ўсё было,
Як змучан доўгаю пакутай
Пакінуў я сваё сяло.
 
Пуцінай плёўся камяністай
Паміж кустоў, папарных ніў,
Глядзела сонца. Пот краплісты
Худы мой твар мачыў, сьлязіў.
 
Я змогся. Ногі больш служыці
Мне не хацелі, чуць цягнуў.
I ўсеўся на курган спачыці,
I на кургане я заснуў.
 
І ўбачыў вобраз векапомны, –
О, ўбачыў відаў я са сто!
Сам тросься ўвесь, як непрытомны,
Ішла адвага за нішто.
 
Я сьніў. А ўсё як бы наяве
Кругом мяне жыло жыцьцём:
Той абымаў, той нож крывавіў,
Той спаў летаргу зводным сном.
 
Збуджэньня дух махаў крыламі,
Няпамяць свой скідала пыл,
Вякі пражыты за вякамі
Ўставалі з попелаў магіл.
 
Сьпіхала ў долы праўду здрада,
За быт, за шчасьце йшла вайна,
Парад цягнуўся за парадам,
Жыла, ўмірала старана.
 
I бачыў я ваякаў сільных,
I бачыў подлых я трусоў,
I чуў кайданаў звон магільны,
I чуў я вольных кліч сыноў.
 
Душа і рвалася, й цярпела,
Ў халодным поце віўся я;
Хацела крыкнуць – і ня сьмела
Натура вольная мая.
 
Збудзіўся я. Жыцьця крыніца
Зноў панясла ў сваім кругу...
Я йшоў, іду, але забыцца,
Што сьніў, ня мог і не магу...
 
21.III.1907
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.