РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я не для вас...
Я не для вас, паны, о не,
У час вольны песенькі складаю, –
Што спала ў сэрцы там на дне –
Буджу і ў сьвет на суд пускаю.
          Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Падчас збываюся спакою,
Калі ў вачох сьляза блісьне,
Маркотнай вызвана душою –
          Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Свае дні лепшыя марную, –
У вечнай з мукамі вайне
Жыву і радасьці ня чую –
          Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Падняць скібіну слова рвуся
На запусьцелым дзірване
Сваёй старонкі Беларусі,
          Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Над доляй плачу свайго люду,
З гразёй зьмяшалі б вы мяне
Сваёй нікчэмнасьцю прыблудаў...
          Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Пяю. Вам не паняць мучэньня;
Вам ваша сэрца не дрыгне
На голас братняга цярпеньня,
          О, не дрыгне, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не!..
Адною ўцехаю жыцьцё вам,
Зьнячулі ў сытасьці, віне,
Вас не разжаліш праўды словам,
          О, не разбудзіш вас, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я зь імі мучуся ўраўне,
Ў адных закут зь імі кайданах...
          Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, о паны, не!..
Я – для тых цёмных, нешчасьлівых,
Ад іх і водгаласак мне
Прымчыцца па лясох, па нівах,
          А не ад вас, паны, о не!
 
8.VI.1907.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.