РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Як захлынуўся ад радасьці жаўранак,
Славячы сонца вясновага дня,
Як па куп’і на балотных выжарынах
Мякка хрумсьціць пад нагою сушняк;
 
Як па-над ярам пад ветравым подыхам
Вольха сухая рыпіць і рыпіць,
Як адвячоркам над соннымі водамі
Кнігаўка ўсё недапросіцца піць, –
                                        Тры гады я ня чуў.
 
Як засінелася возера чыстае,
Бо маладая красуня вясна,
Каб падсініць хмар касынкі пушыстыя,
Сінькі ў ваду сыпанула спаўна;
 
Як палахлівым дзіцём устрывожаным
Хмель каля вольхі абвіўся вакол,
Як у бары, бы маленькія вожыкі,
Шышкі хваёвыя ўсыпалі дол, –
                                        Тры гады я ня бачыў.
 
Як над бруістаю шустраю рэчкаю
Пахнуць лілеі, аер і чарот,
I першацьвет далікатны парэчкавы,
I чарназём той, што вывернуў крот, –
                                        Тры гады не ўдыхаў.
 
Зноўку ступаю знаёмымі сьцежкамі,
Босай нагой паўтараю сьляды.
Кветкі мне ўсьлед пазіраюць з усьмешкамі,
З тымі ж, зь якімі глядзелі тады...
 
I крапіва маладая стрыкаецца,
Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін.
Ем я капусту трыгубую зайцаву,
Гладжу змарожаны ліст журавін.
 
Ясны блакіт вам, прасторы зялёныя,
Хай жа над вамі з зары да зары
Радасна жаўранкі звоняць натхнёныя,
Сонца гарыць!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.