РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зь бяды і нуды
Не даеш ты, бяда,
Мне спакойна цярпець,
Не даеш ты, нуда,
Песьні весела пець.
 
Мучце ж, мучце мяне,
Не баюся я вас, –
Хай сьвет цэлы дрыгне,
Я ўжо выжыў свой час.
 
Не разбудзіць мне дум
Ні сьлязіна, ні сьмех,
Зьменнай радасьці шум
Не навее пацех.
 
Сіратой па зямлі
Снуючы беспуцьця,
Мяне путы змаглі
Абрыднога жыцьця.
 
Мая моладасьць сьпіць
Пад пялёнкаю мук,
Аджывіць, узманіць
Няма чым думак, рук.
 
Дык жа мучце мацьней
Ты – бяда, ты – нуда!
З вамі дружбы маей
Не размые вада.
 
Сейце кожнай парой
Больш цярпеньня, трывог,
Снуйце зданьмі за мной –
Па маіх па сьлядох.
 
Забірайце ў мяне –
Як вам думкі ўзбрыдуць, –
Калі можна яшчэ
Ў мяне ўзяць што-нібудзь.
 
Не баюся я вас...
А прыйдзе бедаку
Надта трудненькі час –
Я ў магілу ўцяку.
 
4.VII.1907.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.