РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ізноў вясна гасьцюе на Вушаччыне.
Цяпер блакіту маладзець з рукі.
Няўпэўнена, ўспамінліва, ўскалмачана
Ступаюць на праталіны гракі.
 
Загаварылі крыгі хрыплай моваю,
Разьліўся ручаёў сьцюдзёны сьпеў.
Пакуль што футру цёплую, зімовую
Таропкі заяц скінуць не пасьпеў.
 
Запахла багунамі ды жывіцаю.
Хмель забрадзіў у баравых імхах.
Вось-вось гарачых коней бліскавіцаю
Пярун пагоніць на гручасты шлях.
 
На ганку новай хаты шпак высьвіствае
Крутым узгоркам прыпякло гарбы.
Як кураняткі, кволыя, пушыстыя,
Прадзюбнуліся коцікі вярбы...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.