 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Верш з такой назвай я прачытаў у эстонскага паэта Матса Траата ён напісаў яго ў 70-я гады калі Эстонія таемна марыла пра ўласны дом калі захрасла вятроў кола ў спадчынных ветраках калі ўпарта змагалася з хвалямі старая адзінокая сасна на Балтыйскім узьбярэжжы Матс тады быў зусім малады і верыў толькі ў моц свайго слова «няхай зноў вечныя гострыя вілы выграбуць імёны плямёнаў з вадзяной магілы» – такія ён казаў пацеры і зьвяртаўся да паганскага бога эстонцаў Тара І я загарэўся напісаць верш «Ultima Thule» я сьніў яго але раніцай ня мог узнавіць ніводнага радка я чуў яго ад нарачанскіх хваляў але ня здолеў перакласьці на родную мову я бачыў словы верша выкладзеныя літарамі-аблокамі над восеньскай пожняй але ня мог ахапіць позіркам усе літары каб прачытаць хаця б радок Па дарозе якая вяла да крыніцы мы йшлі па ваду – я васьмігадовы сын Антон чатырохгадовы пляменьнік Андрэй і двухмесячны кокер-спаніэль Боб які ўвесь час блытаўся пад нагамі – крыніца неўтаймоўнага аптымізму Быў вечар наперадзе заходзіла сонца і я адчуваў што вось мы йдзём па крынічную ваду заходзіць сонца дзеці бесклапотна балаболяць пра свае дзіцячыя зацікаўленьні – гэта той выпадак калі я магу напісаць верш «Ultima Thule» толькі сёньня толькі зараз або ніколі я паклікаў на дапамогу Вялеса і мулкімі вуснамі пачаў бязгучна нашэптваць «Прыйдзі Ultima Thule як срэбная хмара як вызваленьне ад праклёну сярод ночы калі не чакаеш ня просіш ня кленчыш – сьціплая ўзнагарода за дзённую працу вызваленьне ад грахоў якіх не рабіў якія не даюць табе ўзьняць галавы сказаць «Дабрыдзень» і паклікаць гасьцей прыйдзі як сон пра які расказаў мне бацька а бацька пачуў ад дзеда як аса якая прыляцела на твой салодкі стол і ты радуешся што нехта яшчэ апроч цябе адчуе смак тваёй хвіліннай насалоды і ўпершыню ты пазнаеш неба прывітаешся з сонцам дакранешся да дрэва і гэта адбудзецца калі прачнешся а мінулае – як сон як насланьнё і будзе тое поле і ня тое тыя ж аблокі – і ня тыя тыя ж краскі – і ня тыя ты ўпадзеш у пярыну падбелу мацярдушкі скрыпеню жывакосту дзівасілу сьвятаяньніку браткоў адчуеш пах красак і ўбачыш між аблокаў ускраіну паўночнай зямлі – Эстонію» Матс Траат прачытае мой верш калі Ultima Thule прыйдзе й абвесьціць – Цяпер тут ускраіна
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|