РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сьветлы дзень дагарае над сумнай зямлёю...
Ліпаў лісьцейка фарбай гарыць залатою,
        сад пажоўклы цямнее, маўчыць.
 
Каля яблынак сьцені кладуцца густыя,
пацямнелі ігрушы й кляны маладыя,
        зараз ясны заход дагарыць.
 
Аджываюць нячутна жаданьні
ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня.
 
Я хачу на часінку забыцца аб горы
і глядзець, як у рожавым захаду моры
        сонца косы бярэцца тапіць.
 
Я памерці хачу вось такою парою,
хваляй сонца залітая ўся залатою,
        больш каб слова ня чуць: «Пацярпі!»
 
Аджываюць нячутна жаданьні
ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня.
 
Я хачу ў гэты момант пазнаць сваю долю,
я хачу зьведаць шчасьце, хачу я на волю,
        ў далі родных, шырокіх палёў!
 
Я хачу, я хачу... Ды няма ў мяне сілы,
каб ня думаць аб тым непрыхільным, нямілым,
        сумным часе апошніх гадоў!
 
Аджываюць нячутна жаданьні
ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня.
 
Сад маўчыць... Не пяе, як раней, як вясною,
аб тым шчасьці, жыло што калісьці са мною,
        сад маўклівы і цёмны стаіць.
 
Каля яблынак сьцені кладуцца густыя,
пацямнелі ігрушы й кляны маладыя,
        зараз ясны заход дагарыць.
 
Засынаюць нячутна жаданьні
ў гэты час, час маўклівы зьмярканьня.
 
1920
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.