РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Выйдзі ўночы у чыстае поле
I зьлічы ў небе сьвечачкі зор...
Не зьлічыць іх ніколі, ніколі,
Бо ўсё болей іх знойдзеш і болей,
Асыпаючых з Божае волі
Неабсяжны нябесны прастор.
 
Выйдзі ўраньні на бераг лясісты
Адбіваючых сонца вазёр,
I знайдзі у іх хвалях празрыстых
Хмарак будучых пыл сэрабрысты
Ці жамчуг дробных кропляў расістых,
Іх – ня знойдзеш у хвалях вазёр...
 
Выйдзі ўдзень ты у гай нерухомы
I услухайся ў шэпты галін.
Сум пачуеш у ім ты знаёмы.
Дык скажы, чаму гай той зялёны
Такі сумны, лістоў жа мільёны
Плачуць, плачуць усе, як адзін?
 
Выйдзі ўвечары к ніве нясьпелай
I зірні на чырвоны заход.
I душой папрабуй ты збалелай
Разгадаць, скуль той ветрык нясьмелы,
Нівы, неба, дым хмарачак белы,
Тыя самыя з года у год.
 
Скуль усё: ўночы смутныя зоры,
Ўраньні золата сонцавых кос,
Ўдзень ціхія лясоў разгаворы,
На заходзе – хмар яркае мора,
А ў душы вечна дзіўнае гора,
Горкі смутак нявылітых сьлёз?
 
Скуль усё, хто стварыў нашу долю,
I каму нам маліцца уноч?
Ды й ці трэба маліцца? – Бяз волі
Не здабудзецца шчасьце ніколі:
Будзеш плакаць, як вецер у полі,
Грудзі рваць будзе сум без патолі, –
Й без адказу адыдзеш ты проч!
 
1921
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.