РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ночкай сягоньня мне ў самыя вочы
месяц зімовы глядзеў і сьмяяўся:
 
– Сумна табе? – ён як быццам пытаўся, –
праўда, ня сьпіцца у сьветлыя ночы?
Ўстань і зірні на вакно, што адзета
тонкаю сеткаю з рож серабрыстых,
пэўна, як глянеш, прыпомніш ты лета,
яркія красак у садзе маністы.
Пэўна, прыпомніш ліпнёвыя ночкі,
зорак узор, прыгажэйшы за сонца,
сонна прыціхлыя ліпкі, дубочкі,
цёмнае неба бяз краю, бясконца.
Ўспомніш, як ціха бывала ў пакоі,
ўсе ужо спалі, а ў вокны глядзела
мляўкая цемра, паўночча глухое.
Ўспомніш, аб чым ты тады летуцела,
ўспомніш, як бралася плакаць парою,
ўспомніш, як сэрца чагосьці шукала,
ўспомніш, аб чым гэткай ночкай з сабою,
толькі з сабою адной гаварыла.
Ўспомніш, як глянеш на срэбныя краскі,
ўсе свае думкі, надзеі дзіўныя,
сумныя, быццам зімовыя казкі,
ясныя, быццам вясьнянкі лясныя.
Ўспомніш пра ўсё, што тады ты хацела,
ўсё, што ў жыцьці ты яшчэ не пазнала,
твары няясныя тых, што нясьмела
толькі у снох, у лятунках кахала...
 
Ў снох... а ня сьпіцца у сьветлыя ночы,
сон мой сягоньня так рана парваўся,
бо цераз вокны мне ў самыя вочы
месяц прыгожы глядзеў і сьмяяўся.
 
1921
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.