За ніўямі, балатамі, за хваёвымі барамі ёсьць празрыстая крыніца. Ўсе атруты, ўсе пакуты з сэрца людскага, бы путы, зьніме дзіўная вадзіца. Лечыць цела, што збалела, і душу, калі змарнела, веру, моц ліе у грудзі. Вось гадамі з калітамі да яе й брыдуць лагамі горам гнобленыя людзі. Толькі ж горкая дарога да яе... Людскім нябогам гэтым – сьмеласьці ды сілы не дастала... З паўдарогі іншых пушчы і разлогі завярнулі... Тых вунь зьбілі з ног ці гора, ці турботы, ці мо сьлёзы адзіноты. Зноў жа гэтыя згубілі веру ў долю, ў свае сілы, ў сілу дзіўнае крыніцы. А бязь веры – стой дзень цэлы, не, ня дасьць здароўя целу жыцьцядайная вадзіца. Ды нялёгка і далёка нават зь вераю глыбокай дашукацца той паляны, дзе зялёнаю лагчынай мкне удалеч ручаіна, гоіць сэрца, гоіць раны над вадою над жывою, дзе ківаюць галавою сіняватыя вярбіны, дзе на словы людскай мовы сьвежы, сонечны, бы новы, грае бор на ўсе галіны! Тут у цішы ўбогі, хворы, пазабыўшы крыўды й гора, неўзабаве схамянецца. Сілы – дасьць яму крыніца, веру – сонца, што іскрыцца, сьмеласьць – неба, што сьмяецца. Дзень сьпяе пра шчасьце з воляй, ноч спаўе ціхой патоляй, замірыць з жыцьцём нямілым... Гляне ў неба – й зноў паўстане на няроўнае змаганьне верны сын зямелькі шчырай!
1921
|
|