РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ночы й думкі
Ёсьць ночы белыя, ёсьць цёмныя, глухія.
Ёсьць гаманлівыя – і ёсьць зусім ціхія.
Іх – больш за ўсё люблю зь лядзяным зьзяньнем зор,
што на шаўкох нябёс празрысты ткуць узор.
Люблю за супакой, хоць сонны, а чароўны,
люблю за сіні змрок, за смутак невыслоўны,
што на душы ляжыць, калі сяджу адна
і ў шыбіню гляджу нябёсную бяз дна...
 
Ёсьць думкі сьветлыя, ёсьць чорныя, благія,
ёсьць думкі, як і ноч, зусім-зусім ціхія.
Іх – больш за ўсё люблю, з манлівасьцяй надзей,
з усім, што лекам тут зямной душы людзей.
Люблю за цішыню дзіўную ў сэрцы, тую,
зь якою я нідзе й ніколі не сумую,
за тое, што гарыць ізь імі дух, расьце
і кажа жыць ня так, як тут жывуць усе!
 
1921, Вільня.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.