РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Я ішла... Нада мной разгараўся узор
Сьветлых, сумных жамчужынак-зор.
I хоць неба паволі рабілась цямней, –
Зоркі зьзялі ярчэй і ярчэй...
Вось сарвалась адна, паляцела стралой
I загасла, зацягнена мглой...
I хоць яркай яна, гэта зорка, была,
Не прымеціць, што зьнікла яна...
 
Я ішла... Прад вачмі рад таполяў цямнеў
I аб нечым таемным шумеў...
I хоць слоў я пачуць, зразумець не магла,
Іх душа зразумела мая.
Раптам вецер шугнуў угары галіны,
Чорны цень перабег па зямлі.
I хоць вецер той зараз далей паляцеў,
Доўга ліст на таполях дрыжэў.
 
Я ішла... Ціхі месяц глядзеў з вышыны,
Рассыпаючы ласкі і сны.
I хоць прыкра ў той вечар балела душа,
Я глядзела у неба і йшла...
Ціша, неба і зоры, і сад у паўцьме, –
Ўсё вітала ласкава мяне.
Й хоць балюча ў той вечар на сэрцы было,
Іх таксама вітала яно...
 
24.XII.1920.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.