РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Красавік

Максіму Гарэцкаму

 
Неба сіняе, сіняе, сіняе...
Ані межаў у ім, ані дна.
На зямлі ж прыгажуняй-княгіняю
пазірае мне ў вочы вясна.
Лазьнякі срэбным пухам акрыліся,
вецер пыл па-над імі мяце,
тут – пралескі ў раўку затаіліся,
сірацінай фіялка цьвіце,
там – жаўцеюць вяночкі вясновыя
красак нейкіх нязнаных яшчэ,
там – ізноў – залатыя, ліловыя...
Зь іх вясна дываны свае тчэ.
Як тут ціха, ні гулу, ні гоману,
пачынае нат сум засынаць,
ды душою жывою, нястомнаю
чую ўсё ж я, што ўсюды вясна.
I нічога мне ўжо не жадаецца,
ні каханьня, ні сьветлых мінут,
у душы маёй штосьці зрываецца,
што няўзнак адцьвітае, а тут –
тут фіялкі цьвітуць цёмна-сінія,
сеюць водар салодкі вясны,
што брыдзе прыгажуняй-княгіняю,
рассыпае вясновыя сны.
 
22.IV.1921.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.