РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жоўтыя клёны
Жоўтыя клёны, у фарбах асіны,
Гронкі крывавыя ў вецьці рабіны,
Сіняе неба... Ў начныя часіны
              Дождж з дагараючых зор.
 
Ў травах пажоўклых бліскучыя ніці —
Людзям ніколі танчэйшых ня зьвіці,
Астры астатнія ў садзе – ня рвіце:
              Восені гэта убор.
 
Восень, прыбраўшыся ў кроў і у сонца,
Ў золата – лісьце, ў жамчуг – валаконцы,
Зь ліры сваей здабывае бясконца
              Струнаў глухі перабор.
 
Раняць душу ледзьве чутныя гукі –
Самі сабой апускаюцца рукі, –
Родзяць у сэрцы жальлівыя згукі,
              Восені песьню-жальбу.
 
Родзіцца песьня і ў небыт сплывае
Разам зь лістамі, што клён абтрасае,
З сонцам, што ў чырвані дрэў дагарае,
              Зь першаю кропляй дажджу...
 
1922
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.