Далёкай, нялёгкай сьцяганы хадзьбой, Пад хвойкай высокай мы селі з табой, Як цар і царыца; Шурпаты няжаты сох верас ля ног, Спаў белы сплясьнелы пад шышкамі мох Над цёмнай крыніцай. На сучча плятуча паўзла дзермяза, Блішчэла нясьмела раса, як сьляза, На лісьцях лазовых; Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў I шумам-задумам законы пісаў Ў нягаданых словах. Нам моўча, як ночай, мігцелі агні, Падгалей міргалі абгніўшыя пні, Як варта на стражы; I ціха суліхай сьцікаўся, плыў цень, За горы, за моры адходзіў наш дзень, Мінуты ўжо важыў. Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы, I поўнач на помач, палохаці сны, Нязначна падклікаў... З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў... Над намі сукамі шум-бор рагатаў Бяз памяці, дзіка...
1911
|
|