Ня папе рымскаму служу I не «сьвяцейшаму» сіноду! Я аддаю сваю душу Свайму няшчаснаму народу! I маіх песень судзіць сказ Ня вам, ня вам, хрыстапрадаўцы! Бо той, што прыйдзе, лепшы час На вас пятлю наложыць, здрайцы! Вы ўсё на свой манэр, капыл Жадалі б зьвесьці, атуманіць, Жывых ўсіх на трупоў з магіл Перахрысьціць і апаганіць. Лет сходзіць тысячы дзьве ўжо, Як вы гандлюеце Ісусам, I ўсе ў пятлю – нутром вужоў – Цягнуць жадаеце прымусам. Вы – для вітаньня ў чорнай хвале, Для мітраў, персьняў і тыяраў – «Інакамысьлячых» каралі Крывёй, крыжамі і пажарам. Свабодзе, брацтву і сьвятлу Калісь мо' звалі вас на службу, – Вы ж крывапіўцам, срэбру, злу Запрадаліся ў вечну дружбу. I вы свой важыцеся суд Свабоднай думцы выдаваці; Вы, што ўзьвялі у сьвятасьць кнут, Сябе зьмяніўшы на пракляцьце?!
1911
|
|