РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Слугам алтарным
Ня папе рымскаму служу
I не «сьвяцейшаму» сіноду!
Я аддаю сваю душу
Свайму няшчаснаму народу!
 
I маіх песень судзіць сказ
Ня вам, ня вам, хрыстапрадаўцы!
Бо той, што прыйдзе, лепшы час
На вас пятлю наложыць, здрайцы!
 
Вы ўсё на свой манэр, капыл
Жадалі б зьвесьці, атуманіць,
Жывых ўсіх на трупоў з магіл
Перахрысьціць і апаганіць.
 
Лет сходзіць тысячы дзьве ўжо,
Як вы гандлюеце Ісусам,
I ўсе ў пятлю – нутром вужоў –
Цягнуць жадаеце прымусам.
 
Вы – для вітаньня ў чорнай хвале,
Для мітраў, персьняў і тыяраў –
«Інакамысьлячых» каралі
Крывёй, крыжамі і пажарам.
 
Свабодзе, брацтву і сьвятлу
Калісь мо' звалі вас на службу, –
Вы ж крывапіўцам, срэбру, злу
Запрадаліся ў вечну дружбу.
 
I вы свой важыцеся суд
Свабоднай думцы выдаваці;
Вы, што ўзьвялі у сьвятасьць кнут,
Сябе зьмяніўшы на пракляцьце?!
 
1911
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.